Культура
Cупрацоўніцтва Беларусі і Польшчы ў сферы культуры ажыццяўляецца на аснове пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, навукі і адукацыі ад 27 лістапада 1995 г. і пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны ад 25 сакавіка 1995 г.
Бакі актыўна развіваюць кантакты па такіх напрамках, як музейная справа, бібліятэказнаўства, архіўная дзейнасць, рэалізацыя сумесных праектаў па рэстаўрацыі і рэканструкцыі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і Польшчы.
Культурным цэнтрам Беларусі пры Пасольстве Беларусі ў Польшчы на пастаяннай аснове праводзяцца выставы з фондаў беларускіх музеяў: Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўных літаратурных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, Музея старажытнай беларускай культуры НАН Беларусі, выставы вядомых і маладых беларускіх мастакоў. Беларускія мастакі актыўна прымаюць удзел у разнастайных пленэрах і мастацкіх сімпозіумах на тэрыторыі Польшчы, дзе дэманструюць высокі майстэрскі ўзровень.
Важную ролю ў міжкультурным дыялогу адыгрываюць беларускія музычныя і танцавальныя калектывы, якія часта выступаюць у Польшчы. Гэта не толькі фальклорныя ансамблі з усіх рэгіёнаў Беларусі, але і сімфанічныя аркестры, класічныя музычныя адзінкі, у тым ліку калектывы студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Знакавымі культурнымі акцыямі ў апошнія гады ў Польшчы сталі выступленні Дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята», ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі «Класік-авангард», ансабляў «Арс-Лонга», “Купалінка”, ансамбля акардэаністаў «Туці», народных ансамбляў «Белая Русь», «Вербіца», «Белы птах», дзіцячых калектываў “Спадчына”, “Дударыкі”, Крышталікі”, моладзевага аркестра музычнага каледжа з г.Ліды.
Працягваецца рэалізацыя шэрагу традыцыйных творчых праектаў. Сумесна з кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта ладзіцца фестываль “Беларуская культура ў панараме”, дзе варшаўская публіка знаёміцца з рознымі адслонамі беларускага мастацтва і традыцыйнай культуры: выставамі жывапісу, музыкай, танцамі, кухняй, святамі і абрадамі. Штогадовы агульнапольскі конкурс для дзяцей і моладзі “Пазнай Беларусь” штогод налічвае звыш 200 удзельнікаў.
З нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі ў музеі Незалежнасці ў Варшаве арганізаваны дзве выставы: “Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці” з засобаў Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і “Беларусь: цудоўныя імгненні” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Да нацыянальнага свята Беларусі – Дня Незалежнасці ў ліпені 2020 года прымеркавана адкрыццё выставы “Мая Беларусь” на плоце Пасольства, створанай сумесна з беларускім выдавецтвам “Чатыры чвэрці”.
Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Цэнтрам праваслаўнай культуры імя святых Кірылы і Мяфодзія ў Варшаве, а таксама Цэнтрам праваслаўнай культуры ў Беластоку, на базе якіх з благаслаўлення Праваслаўнага мітрапаліта Варшаўскага і ўсея Польшчы Савы праводзяцца прэзентацыі праваслаўных традыцый Беларусі.
Пасольства традыцыйна патраніруе Фестываль беларускай культуры на Памор’і, міжнародны фестываль Анны Герман і міжнародны фестываль Паланеза, фестываль славянскай паэзіі і іншыя. На жаль, з гэтых мерапрыемстваў у 2020 годзе ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй адбыўся толькі Міжнародны фестываль славянскай паэзіі.
Не адбылося таксама чарговае пасяджэнне сумеснай кансультацыйнай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое планавалася да правядзення ў 2020 годзе ў Мінску.