:

Аб візіце Пасла Беларусі ў Польшчы А.Авяр’янава ў Падляскае ваяводства

20.02.2017 г.

15-18 лютага 2017 г. адбыўся рабочы візіт Пасла Беларусі ў Польшчы А.Авяр’янава ў Падляскае ваяводства.

Кіраўнік беларускай дыпмісіі спаткаўся з Ваяводай Падляскага ваяводства Б.Пашкоўскім, маршалкам Падляскага ваяводства Е.Ляшчыньскім. Бакі абмеркавалі пытанні беларуска-польскага рэгіянальнага ўзаемадзеяння, вызначылі шляхі актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ў эканамічнай і турыстычнай галінах. 

  

А.Авяр’янаў правёў рабочае спатканне з прадстаўнікамі бізнес-колаў і СМІ рэгіёну ў Падляскім клубе бізнеса, дзе адказаў на шматлікія пытанні па асноўным напрамкам эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.

  

Пасол наведаў Аб’яднанне недзяржаўных школ імя святых Кірыла і Мяфодзія з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў г.Беластоку, сустрэўся з актывам Беларускага грамадска-культурнага таварыства. У рамках спатканняў бакі абмеркавалі праблемныя аспекты дзейнасці арганізацый беларусаў у Польшчы, а таксама беларускамоўнай адукацыі ў краіне акрэдытацыі. А.Авяр’янаў падкрэсліў важнасць захавання беларускай культуры і мовы ў рэгіёне і запэўніў суразмоўцаў у гатоўнасці Пасольства і надаль аказваць падтрымку арганізацыям беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

  

Кіраўнік беларускай дыпмісіі  прыняў удзел у Гала-канцэрце XXIV Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня-2017». На сцэне Падляскай оперы ў г.Беластоку выступілі 30 найлепшых беларускіх аматарскіх калектываў і ваканаўцаў Беласточчыны, а таксама Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Гарадзенскія карункі» з г.Гродна і Беларускі народны фальклорны ансамбль “Вербіца” з г.Мінска.

  

У рамках наведвання рэгіёну А.Авяр’янаў спаткаўся таксама з праваслаўным архіепіскапам Беластоцкім і Гданьскім Якавам і настаяцелем Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра архіепіскапам Рыгорам, якія выказалі ўдзячнасць Пасольству Беларусі ў Польшчы і Генконсульству Беларусі ў Беластоку за дапамогу па наладжванні і падтрыманні цесных кантактаў з нашай краінай, а таксама арганізацыі паездак праваслаўнай моладзі па святым мясцінам Беларусі.

  

А.Авяр’янаў адкрыў выставу іканапісу і званоў XVIII-XIX стст. з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў адукацыйным цэнтры “Супрасльская акадэмія” пры Дабравешчанскім манастыры ў Супраслі, а такама выставу «Янка Купала ў дыялоге культур» з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску ў Музеі і цэнтры беларускай культуры ў Гайнаўцы.


  

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці