:

Беларусь і Польшча пашыраюць эканамічнае супрацоўніцтва

03.12.2014 г.


1 снежня 2014 г. у Варшаве адбыўся беларуска-польскі інвестыцыйны форум, у якім прыняло ўдзел больш за 300 прадстаўнікоў дзелавых колаў, кіраўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання дзвюх краін, а таксама гандлёва-прамысловых палат, бізнес-саюзаў і асацыяцый.
У працы форуму прынялі ўдзел Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы і Віцэ-прэм'ер, Міністр эканомікі Рэспублікі Польшча Януш Пехаціньскі.
На пляцоўцы дадзенага мерапрыемства адбыліся дыскусіі на тэму перспектыў у Беларусі для польскіх інвестараў, прававых рэжымаў, а таксама ўмовы працы для замежных інвестараў на беларускім рынку з улікам фарміравання Еўразійскага эканамічнага саюза.
Падпісаны тры пагадненнi аб супрацоўніцтве: паміж Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі і Польскім агенцтвам інфармацыі і замежных інвестыцый, паміж Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі і Пазнанскім цэнтрам бесперапыннай адукацыі, а таксама паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі і Польскім камітэтам па стандартызацыі.
У гэты ж дзень адбылася рабочая сустрэча Намесніка Прэм'ер-міністра Міхаіла Русага з Міністрам сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Марэкам Савіцкім, падчас якой абмяркоўваліся пытанні далейшага ўзаемадзеяння беларускіх і польскіх аграрыяў ў пытаннях перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, стварэння ўмоў для захоўвання сельгассыравіны, а таксама падпісаны пратакол рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі паміж аграрнымі ведамствамі дзвюх краін.
2 снежня 2014 г. беларуская дэлегацыя на чале з Віцэ-прэм'ерам Міхаілам Русым прыняла ўдзел у Трэцім пасяджэнні Сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. Польскую дэлегацыю ўзначаліў Віцэ-прэм'ер, Міністр эканомікі Януш Пехаціньскі.
Падчас пасяджэння абмеркавана шырокае кола пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва — ад прамысловай кааперацыі да стандартызацыі і страхавання. Асаблівая ўвага нададзена развіццю на тэрыторыі Беларусі экспартаарыентаваных вытворчасцей з польскім капіталам (у тым ліку, у галінах машынабудавання, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі, інфармацыйных тэхналогій).
Бакі абмяняліся інфармацыяй аб інвестыцыйных праектах па будаўніцтве лагістычных і гандлёвых цэнтраў, а таксама мадэрнізацыі транспартнай інфраструктуры. Беларуская дэлегацыя азнаёмілася з польскім вопытам у сферах фінансавых паслуг, паляпшэння інвестыцыйнага клімату, падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
Удзельнікі мерапрыемстваў таксама абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння дзвюх краін у рамках інтэграцыйных аб'яднанняў: Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза.
Асаблівая ўвага нададзена пытанням, звязаным з падтрымкай выхаду новых беларускіх тавараў на рынак Польшчы. Адзначана зацікаўленасць Беларусі ў пошуку польскіх дыстрыбутараў і дылераў для прадукцыі прадпрыемстваў МТЗ, МАЗ, “Амкадор”, “Санта-Брэмар”, а таксама шэрагу прадпрыемстваў, якія вырабляюць кампаненты для аўтамабіляў.
У рамках свайго знаходжання ў Варшаве Намеснік Прэм'ер-міністра М.Русы правёў шэраг сустрэч з кіраўнікамі буйных польскіх кампаній, якія працуюць у сферах энергетыкі, аўтамабілебудавання, дрэваапрацоўкі, а таксама вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці