:

Аб V пасяджэнні сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве

27.11.2018 г.

26-27 лістапада 2018 г. у Рэспубліцы Польшча знаходзілася беларуская дэлегацыя на чале з Міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімірам Калтовічам для ўдзелу ў V пасяджэнні сумеснай беларуска-польскай Камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.

У беларускую дэлегацыю ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства транспарту і камунікацый, Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. У мерапрыемствах прыняў удзел таксама Пасол Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр'янаў.

Падчас двухбаковай сустрэчы сустаршыняў беларускай і польскай частак Камісіі Уладзіміра Калтовіча і Міністра прадпрымальніцтва і тэхналогій Польшчы Ядвігі Эмілевіч былі абмеркаваныя найбольш актуальныя пытанні развіцця беларуска-польскіх эканамічных адносін, у тым ліку супрацоўніцтва ў галіне інвестыцый, узаемнага гандлю, энергетыкі, аховы навакольнага асяроддзя.

У рамках V пасяджэння Камісіі па эканамічным супрацоўніцтве была падрабязна разгледжана праблематыка беларуска-польскага гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, уступлення Беларусі ў СГА, узаемадзеяння ў галінах сельскай гаспадаркі, транспарту, фінансаў і страхавання, турызму, развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Дасягнутыя дамоўленасці былі аформлены Пратаколам, падпісаным сустаршынямі.

У ходзе пасяджэння Камісіі адбылося таксама падпісанне Пагаднення паміж Нацыянальным цэнтрам маркетынгу і кан'юнктуры цэн і Польскім агенцтвам інвестыцый і гандлю, а таксама Дамовы аб стварэнні сумеснай вытворчасці паміж беларускім прадпрыемствам «Белкамунмаш» і польскай кампаніяй “PZL Sędziszów”.

У рамках праграмы пасяджэння Камісіі прайшоў беларуска-польскі эканамічны Форум, у якім прынялі ўдзел каля 150 удзельнікаў. Адбыліся прэзентацыі па тэмах вядзення бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліцы Польшча з улікам членства краін у інтэграцыйных утварэннях, былі праведзены B2B перамовы.

У рамках знаходжання ў Польшчы адбылася таксама сустрэча Уладзіміра Калтовіча з кіраўніком польскай установы па пытаннях канкурэнцыі Марэкам Няхцялам. Былі закранутыя тэмы развіцця і ўмацавання супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ў галіне канкурэнтнай палітыкі і абароны правоў спажыўцоў. Па выніках сустрэчы быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве ў гэтай галіне.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці